A R C H E П а ч а т а к № 3 (32) - 2004
Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае


3-2004
" да Зьместу "

 



аналітыка • эсэістыка • крытыка • рэцэнзіі

 


эсэістыка

 

Вокладка ARCHE 3-2004.

   Мінулыя нумары:

   ARCHE (2'2004)
   ARCHE (1'2004)
   Эўропа на ўсход ад    Эўропы
   Віленская Анталёгія
   Чэскі Альбом
   Pax Americana
   Туманнасьці
   беларускай гісторыі

   Расейскі нумар
   Андрэй Хадановіч
   Нашы дзеткі
   Часопіс для ўсіх
   Скарына
(6'2001)
   Украінскі нумар
   Скарына
(4'2001)
   Скарына
(3'2001)
   Народны нумар
   Скарына
(1'2001)
   Мэдыцына
   Скарына
(8'2000)
   Слоўнік Свабоды
   Скарына
(6'2000)
   Глёбус
   Скарына
(4'2000)
   Габрэі
   Скарына
(2'2000)
   Панславізм
   Паталёгіі
   Кабеты
   Вайна
   Постмадэрнізм
   Парнаграфія

 

Крыўскі кішэнны слоўнік Пятра Васючэнкі

АРКУШ Алесь (н. 1960) - крыўскі пісьменнік, чалец «Таварыства вольных літаратараў», таемны сябра «Брацтва з'едзенага цмока» . Таемнасць як рыса крыўскага менталітэту яму наогул уласцівая. Чаму мілагучнае беларускае прозвішча Козік памяняў на халоднае Аркуш? Нарадзіўся, як і ягоны зямляк крывіч Уладзімір Сіўчыкаў, у Жодзіне і, маючы маральнае права казаць «Жодзіна - мая родзіна», падаўся на Поўнач, на халодныя берагі Дзвіны. Дзвіна абмывае строму, на якой высіцца Аркушаў маёнтак у суседстве з Полацкай Сафіяй, і калі яна - белы карабель (Уладзімір Караткевіч), дык Аркушава гаспода - белы човен над хвалямі вялікай ракі. Таямніцаю прывязанасць А.-паэта да арніталагічных вобразаў. Ягоны лірычны герой - чыжык, які пабачыў вежы Нотр-Даму, але вярнуўся пад родныя полацкія стрэхі. Птушыныя якасці - вольнасць і адчуванне палёту - дапамагалі крылатым істотам ратаваць або губіць гарады, і хто ведае, ці не верне сабе Полацак адвечны статус еўрапейскай культурнай сталіцы дзякуючы А.?

АРЛОЎ Уладзімір (н. 1953) - крыўскі пісьменнік, рэаніматар айчыннае гісторыі, нястомны шукальнік Полацкага Лабірынту. Ён і знайшоў яго - праз лабірынт уласнае творчае гісторыі. Ад андэрграўнду (згуртаванне «Блакітны ліхтар») прайшоўся лёхамі да Менскае Серабранкі, праклаў тунэль у Новы і Стары свет, у Афрыку, а таксама ў крыўскую даўніну. Шмат'ярусны свет, які выбудаваў вакол свайго «Я» А., не зрабіў яго другім Караткевічам, як некаторым хацелася б, але гэта не наш шлях - мадэляваць копіі і гукаць «другіх». Караткевіч ішоў у беларускую рэчаіснасць пры дзённым святле, яму свяціла крыўскае сонца, а А. - «блакітны ліхтар» назіральнасці, іроніі і панурасці, якія прачытваюцца ва ўсмешцы, схаванай у бараду Бармалея.

АСТАШЫ - загадкавае племя людзей прышлых, ліхіх, звязаных з чарнакніжніцтвам ды чарадзействам. Ян Баршчэўскі атаясамлівае А. з рыбакамі з расейскага гораду Асташкава, але ў фантасмагарычнай атмасферы твору А. ўтвараюць вобраз зборны, абагульнены, увасабленне марнатраўства і гвалту. А. «пасылаюць пад лёд злога духа, і той заганяе рыбу ў нерат; дык яны спустошылі ў нас усе азёры, навучылі нашу моладзь бязбожным учынкам, чарам, бессаромным песням». Такім чынам, А. яшчэ - экалагічныя злачынцы. Намаляваны антрапалагічны партрэт асташа: «барада шырокая, твар круглы, вялікі скураны фартух». Як і Белая Сарока, Чарнакніжнік, А. ўяўляюцца вялікай небяспекай для Крыўі: «Даўней і пра тых асташоў нікому і не снілася, а цяпер хутка забяруць у нас зямлю і ваду, так што і нам трэба будзе ўжо ўцякаць куды далей».

БАРАДУЛІН Рыгор (н. 1935) - народны паэт Крыўі. Чарадзей-версіфікатар, які са словам можа рабіць усё: слова ў ягоных руках - што бясформенны камяк гліны на крузе ганчара, ён з яго злепіць што заўгодна. Ягоны «Матылёк» - твор-выраб, адвечны шэдэўр версіфікацыі, верш вершаў. Адна з асноўных тэмаў барадулінскіх фрывольных прыпевак - любошчы старых, бабы і дзеда. Дзед спакушае бабу: «А дзед бабу разуваў, разуваў...» Баба ладзіць любоўнае паляванне на старога («Цярэшка»). У аўтарскім слове да «Здубавецьця» Б. піша пра тое, як нашыя прашчуры імкнуліся скаромнымі спевамі разварушыць халодны паўночны юр. Вядома, старым гэта зрабіць цяжэй. Прыгадваю дасціпны адказ Б. на «Карамболі». Развязны малады вядучы ставіць каверзнае пытанне - наконт адносінаў да дзяўчат у шэсцьдзесят гадоў. Заўжды дасціпны дзядзька Рыгор «гойкае» ў адказ: «У шэсцьдзесят тое ж самае стаўленне да дзяўчат, што і ў дваццаць. Толькі магчымасці не тыя». І зала рагоча. «Ёсць полацкі менталітэт...» - адно з творчых азарэнняў крыўскага паэта.

БАРШЧЭЎСКІ Лявон (н. 1958) - крыўскі літаратар, перакладчык, палітык. Спадкаемца крывіча Францішка Скарыны, паліглота, бо ведае бадай усе еўрапейскія мовы, за выключэннем хіба што баскай, колькі ўсходніх ды іншых. Генетычнай сувязі з Янам Баршчэўскімне пацвярджае, але і не адмаўляе. Больш за тое, падчас літаратурна-этнаграфічнай экспедыцыі па мясцінах Яна Баршчэўскага, пры высадцы на бераг возера Нешчарда блізу былога фальварку Мурагі, быў заўважаны за выкрыкваннем феадальнага слогану «Дзе мае халопы?». Пры гэтых прыгонніцкіх поглядах Б. ачольвае згуртаванне «Беларускі ПЭН-Цэнтр», з'яўляецца заснавальнікам і захавальнікам таямніцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю. Таемны сябра «Брацтва з'едзенага цмока».

БАРШЧЭЎСКІ Ян (1794? - 1851) - адзін з пачынальнікаў новай беларускай (крыўскай) літаратуры, пісьменнік-рамантык, надзелены фенаменальнай фантазіяй, творчай інтуіцыяй і талентам прадбачання, узбагаціў нашу літаратуру адным з самых загадкавых і займальных твораў - кнігай «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях». Быў бясконца закаханы ў сціплы, суровы крыўскі краявід, нават у Санкт-Пецярбургу, куды яго закінуў лёс, Фінская затока мроілася яму падабенствам аграмаднага возера Нешчарда, на берагах якога прайшло ягонае дзяцінства. Уражанні, якія атрымаў Янка, студэнт Полацкай езуіцкай калегіі, калі на калядныя вакацыі гасцяваў у свайго дзядзькі ў фальварку Мурагі, пераплавіліся ў крыўскую Адысею. Б. - не «беларускі Гогаль», не «беларускі Гофман» і не «беларускі Стывен Кінг», ён адметны і першасны як у апісаннях крыўскага палтэргейсту, так і ў змрочных прадказаннях, якія датычацца лёсу цывілізацыі. Ён папярэджваў, калі апісваў чарнакніжніцтва, каб не торкалі носа за заслону, апушчаную Панам Богам, але дзе ж хто паслухаецца? Вось і маем усе прыемнасці XXI стагоддзя.

БЕЛАРУСКАЯ МОВА (КРЫЎСКАЯ МОВА) - яна звініць, крычыць, спявае і гамоніць, як тыя валасы, што ажылі і заварушыліся на галаве ў небаракі Генрыка з кнігі Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...». Пераклад гэтага твору Міколам Хаўстовічам - гэта хутчэй не пераклад з польскай на беларускую, а вяртанне да той векавечнай прамовы, на якой быў створаны не сам тэкст, а яго падтэкст. Уласна ж Б. М., вылучаная ў перакладзе курсівам, складае цэлы тэкст унутры тэксту; тут фальклорны матэрыял (песні, прыказкі, выслоўі), простая мова персанажаў, нават гутаркі. Б. М. з'яўляецца тады, калі тэкст даводзіць сваю антыкніжную, аўтэнтычную прыроду. Два моўныя пласты адлюстроўваюць адметнасць крыўскай мовы, феномену, увасобленага Вацлавам Ластоўскім у ягоным «Расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку». Словы кшталту навец, жамяра, пэўна, з'явіліся ў тэксце дзякуючы моўнаму досведу В. Ластоўскага.

БЕЛАРУСЬ - часовая назва краіны, поўнае найменне якой пры іншых абставінах магло б быць Крыўя, альбо Зямля Беларуская, Крыўская, Дрыгавіцкая, Радзіміцкая, Яцвяжская, Гіпербарэйская, Драўлянская, Палянская, Северская, Падляшская, Смаленская, Бранская, Бельская, Беластоцкая, Ліцвінская, Русінская, Ляская, Жамойцкая, Пруская, Краслаўская, Дзвінская, Пскоўская, Себежская, Вяліжская, Чарнігаўская, Забайкальская, Кліўлендская ды ўсялякая іншая, іншая, іншая... Парадоксы гісторыі, якая гуляе ў свае гульні з Б., не вычарпаліся, і не выключаецца, што зямля паўстане ў пазначаных вышэй межах, а ў сярэдзіне яе, бы зерне ў арэху, застанецца Крыўя.

БЕЛАЯ САРОКА - дэманічная істота, жанчына-птушка, якая прыносіць з сабой бязладдзе і заняпад. Разам з асташамі, Чарнакніжнікам уваходзіць у дэманічны пантэон ворагаў Крыўя. М. Хаўстовіч бачыць у вобразе гаспадыні Паўночнае краіны «выдатны алегарычны вобраз Кацярыны II». Пэўна, нейкія палітычныя алюзіі гэты вобраз у сабе змяшчае. Але ён у абагульненай форме персаніфікуе ў сабе і метафізічнае ліха, скіраванае супраць Люду беларускага. Белай Сароцы проціпастаўлены вобраз Плачкі.

БРАЦТВА З'ЕДЗЕНАГА ЦМОКА - утварылася ўлетку 1994 году, калі ад раз'ятраных промняў жнівеньскага сонца вада возера Нешчарда закіпела і ператварылася ў юшку. Юшку спажывалі ў цемры, пры дрогкім святле ад вогнішча, і ўсе былі перакананыя, што ядуць рыбу, хаця я ведаў, якое няшчодрае на рыбу гэтае возера і якія істоты ў ім водзяцца, але маўчаў. Назаўтра сведчаннем містычнае вячэры былі яе парэшткі ў выглядзе кіпцюрастых і скрыдластых шкілецікаў. Такім чынам утварылася Б. З. Ц., у якое правадзейнымі сябрамі ўвайшлі Алесь Аркуш, Лявон Баршчэўскі, Пятро Васючэнка, Навум Гальпяровіч, Ірына Дарафейчук і яшчэ некалькі асобаў.

БРОЎКА Пятрусь (1905 - 1986) - народны паэт Крыўі. Вызначыўся як аўтар, у якім душэўнае змагалася з афіцыйным і нарэшце перамагло. Народ склаў пра яго эпіграму: «Пятрусь Броўка піша лоўка...» З першай часткай можна пагадзіцца, а другая, дзе «даўно» рыфмуецца з чымсь, выклікана адвечнай народнай непрыяззю да ўсялякага афіцыёзу. Няйнакш, меліся на ўвазе творы накшталт цыклу вершаў «Думы пра Маскву», зборніка паэзіі «Заўжды з Леніным», зборніка прозы «Разам з камісарам». «Пахне чабор» - адзін з культавых вершаў Б., дарма што напісаны ў юнацтве, пераважвае і шматтомны Збор твораў, і Ленінскую прэмію. Пах чабору звязваецца з успамінам юнацтва той самай сувяззю, якой у Марселя Пруста звязаны смак мігдалавага пірожнага з пацалункам маці наноч. Адметна, што чабор - расліна са сціплымі краскамі і няўлоўным пахам. Закаханыя героі маглі ўчуць яго хіба што ўпаўшы долу. За вобразам паўстае яскравая эратычная праява ў духу крыўскага барока.

БЫКАЎ Васіль (1924 - 2003) - народны пісьменнік Крыўі. Носьбіт крыўскага і вушацкага менталітэтаў, звязаных са стрыманасцю, строгасцю, суворасцю, нардычным тэмпераментам. У юнацтве спрычыніўся да аўры «віцебскай школы», вучыўся на мастака. Падчас другой сусветнай вайны перажыў экзістэнцыйна значны эпізод, калі загінуў для ўсіх, быў пахаваны і адзначаны на абеліску, але фізічна выжыў і працягваў свой шлях. Пасля вайны вырашаў яшчэ адну праблему выбару - паміж вайсковай і пісьменніцкай кар'ерай - і вырашыў на карысць пісьменніцкай. Як мастак, Б. істы крывіч - негаваркі, сквапны на фарбы, эмоцыі і гумар, графік паводле каляровай гамы твораў. Б. дэбютаваў у гумарыстычным жанры, і на гэтым ягоны смех спыніўся. Быкаўскі рамантызм скончыўся аповесцю «Альпійская балада», дзе апроч вайны - каханне на альпійскім мурагу, пасярод красуючых макаў. Першаадкрывальнік у галіне еўрапейскага экзістэнцыялізму; ён давёў, насуперак выкладкам А. Камю і Ж.-П. Сартра, што выбар мае сэнс і маральнае абгрунтаванне. «Апошні рэаліст Еўропы», як пісала пра яго шведская газета, давёў да максімуму мастацкія мажлівасці метаду, не спыніўся на ім і пранік у сферы парабалы і іншых прыёмаў сучаснага пісьма. Зачыняць усё праз безнадзейнасць і фаталізм - уласцівасць быкаўскай манеры і мыслення. Усе расейскія «ваенныя празаікі» - хто яўна, хто ўпотай - уважалі яго за настаўніка. Майстэрства не лгаць і казаць што думаеш пасля смерці Б. канчаткова страчанае. Рытарычнае пытанне «Калі Васіль Быкаў атрымае свайго Нобеля?» знялося смерцю аўтара і не на карысць шведскіх акадэмікаў. Атрымліваць Нобеля пасля Б. - сорам, які трэба нейк перажыць.

ВАЛЕРА, двайнік У. Арлова. Нехта пусціў пагалоску, што В. удараецца вобзем і скідаецца Арловым, бы ваўкалак.

ВАРГІН - дэманічны чорны кот з аповесці Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...», які сваім ваблівым варкатаннем плодзіць у чалавечых галовах вос, матылёў ды іншую жамяру. Такімі дэманічнымі катамі шчыльна населеная сусветная літаратура, калі згадаць ката Мура з аповесці Э. Т. А. Гофмана або ката Бегемота з «Майстра і Маргарыты» М. Булгакава. Аўтэнтычная свядомасць здаўна не давярала катам, падазраючы іх у зносінах з нячыстай сілай. Пісьменнікі-фантасты і сёння сцвярджаюць, што каты і сабакі маюць доступ да шостага ці сёмага вымярэння, у якім засталіся нашыя колішнія спадарожнікі - дамавікі, лесуны, русалкі. Але на чорных катоў, як гэта водзіцца, намаўляюць і шмат дарэмшчыны. Прынамсі, ахвяры ката В. мусяць вінаваціць у сваіх нягодах перадусім сябе. Кацінае варкатанне вызваляе ў іх істотах несвядомыя сублімаваныя жаданні, прыхаваныя ў глыбокіх сховах душы. Гэтыя комплексы матэрыялізуюцца ў абліччы жамяры. У галаве ў звяглівай Антосі заводзяцца восы, у раздуранай і легкадумнай паненкі Зосі - рознакаляровыя матылі. А з галавы пыхлівага і зайздрослівага пана суддзі Дадэмухі «выляталі пухіры накшталт мыльных бурбалак і, лопаючыся пад столлю, перамяняліся ў жахлівых пачвараў - тут і крылатыя гадзюкі, цмокі ды іншая брыдота, падобная да спарахнелых шкілетаў».

ВАСЮЧЭНКА Пятро (н. 1959) - крыўскі пісьменнік і навуковец. У дзяцінстве спрычыніўся да пошуку Полацкага Лабірынту. У літаратурнай творчасці (зборнік аповедаў «Белы мурашнік», фэнтэзі «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі») назіраюцца прыкметы крыўскага барока. Абмаляваў тып маргінальнага крывіча ў зборніку навелаў «Прыгоды аднаго губашлёпа», напісаным у суаўтарстве з напаўлегендарным Антоніем Вырвічам. Змясціў у «Кішэнны крыўскі слоўнік…» сваю персаналію з той самай прастадушнасцю, з якой зямляк Ф. Скарына маляваў на старонках Бібліі ўласны партрэт.

ВАЎКАЛАКІ - як бачым, вяліся не толькі ў Трансільваніі, але і ў Беларусі. У былічках, нават дакументальных крыніцах апісваюцца шматлікія выпадкі, звязаныя з ваўкалакамі. Адзін з такіх выпадкаў узноўлены і ў Я. Баршчэўскага. Існавалі рэцэпты ператварэння чалавека ў ваўкалака і наадварот. Сцвярджаецца, што гэтай ведаю валодаў і славуты крывіч Усяслаў Чарадзей. У нашыя дні здарэнняў з В. паменшала, але яны працягваюць фіксавацца. Некалькі год таму ваўкалак блукаў па вуліцах Санкт-Пецярбургу. На ўсялякі выпадак, вось адзін рэцэпт адчаравання ваўкалака, апісаны М. Нікіфароўскім: «Трэба перакінуць цераз Ваўкалака суконны пояс, часам граблі, часам вілы так, каб кінуты прадмет закрануў яго толькі заднім канцом і пераляцеў ад галавы да хваста».

ВОРША - крыўскае мройнае места, у якім памерла беларушчына, а крыўскасць засталася. На сёння ў В. аніводнай беларускай школы, аніводнага беларускага класу, а ў свой час места дало свету У. Караткевіча, які самарэалізаваўся як беларускі, але не крыўскі пісьменнік. Беларускасць В. пачалася і скончылася на ім. Крыўскасць В. - яе неадменная рыса. Жыццёвы сімвал В. - яе неабсяжны і страшны крымінагенны вакзал, вузел чыгунак, не апеты аніводным крыўскім або беларускім класікам.

ВУШАЦКІ ФЕНОМЕН - таямніца куточка крыўскае зямлі, які спарадзіў некалькі народных - не званнем, а сутнасцю - творцаў: П. Броўку, В. Быкава, Р. Барадуліна. Людзі тут, як сведчыць дзядзька Рыгор, тэмпераментам прахалодныя, але цешаць свой юр хвацкім і гарачым на эрас словам. Недзе тут размешчаны адзін з выхадаў Полацкага Лабірынту, які выпускае творцаў невядома з якіх нетраў крыўскае пракаветнасці.

ВЫРВІЧ Антоні (н. 1955) - легендарны крыўскі літаратар, суаўтар твору-містыфікацыі «Прыгоды аднаго губашлёпа», напісанага разам з Пятром Васючэнкам. Хаця апошні настойвае на факце суаўтарства, бальшыня крыўскіх літаратуразнаўцаў адмаўляецца верыць у існаванне гэтай асобы. Адзін толькі Навум Гальпяровіч пацвярджае, што аднойчы сустрэўся з В., але і сам паэт мае рэпутацыю дасведчанага містыфікатара. Паводле легенды, В. нарадзіўся на Пастаўшчыне ў сялянскай сям'і, вывучыўся на журналіста, але працаваў падпалкоўнікам міліцыі. Кажуць, што яго дагэтуль можна напаткаць у Менску, па якім ён пахаджвае ў міліцэйскай форме і з прышпіленай да паса кабурой, дзе змяшчаецца неадменны салёны гурок.

ГАЛЬПЯРОВІЧ Навум (н. 1948) - крыўскі паэт, радыёжурналіст. Рыгор Барадулін калісь назваў яго полацкім пеўнем, бо будзіў праз радыё ўсю Беларусь. Славянская душа ў габрэйскай абалонцы - так некалі выказаўся Г. сам пра сябе. У грудзёх у яго б'ецца праўдзівае крыўскае сэрца, якое мірыць у ім усе бінарныя апазіцыі. Сябра «Брацтва з'едзенага цмока».

ГАФМАНІЗМ - закладзеная Э. Т. А.Гофманам традыцыя спалучэння рэальнага і фантасмагарычнага планаў. Скарыстоўвалася, у прыватнасці, М. Гогалем і М. Булгакавым. Не зусім слушна, аднак, называць крывіча Я. Баршчэўскага «беларускім Гогалем» або «беларускім Гофманам» за скарыстанне названага прыёму. Сваю «антытрадыцыйнасць», «антыкніжнасць» ён даводзіць у выглядзе творчай дэкларацыі: «Я не пераймаю формаў, якія любілі пісьменнікі англійскія або французскія; лічу, што чужаземнае не будзе пасаваць негаваркому жыхару Беларусі. Узяў я форму з самое прыроды». Такім чынам, Г. Баршчэўскага вырастае з міфалагічнай аўтэнтыкі, беларускае (крыўскае) глебы. Ён менавіта выгадоўваецца, а не выбудоўваецца як кніжная мадэль. Рэальнасць і фантасмагорыя не ўзаеманакладваюцца, а зрошчваюцца. Кожны з апавядальнікаў прысягае, што гаворыць не казку, а шчырую праўду.

ДАРАФЕЙЧУК Ірына - паэтка; таксама як і Жэня Янішчыц, «Палесся мілае дзіця», але ўзгадаваная Крыўяй. «Ой, аралі хлопцы ніву, паламалі ярмо...» - хочацца заспяваць, калі бачыш яе, і дзеля яе варта паламаць мноства ёрмаў. Таемная сяброўка «Брацтва з'едзенага цмока».

ДЗВІНА - вялікая крыўская рака. Літаратары не раз параўноўвалі беларускія рэкі з могілкамі. «Баркулабаўская хроніка» даносіць згадку пра тое, як у 1580 годзе магілёўцы загналі варожае войска ў Дняпро, рака перапоўнілася трупамі, «іж колка нядзель дняпровае рыбы не ядалі і вады не півалі для вялікага гнюсу...». «Магілаю ворагу цеснай не раз твае хвалі былі...» - кажа пра бацьку беларускіх рэк паэт Анатоль Астрэйка. Халодная крыўская красуня Дзвіна сталася могільнікам для Барысавых камянёў, паганскіх ідалаў і помніка Іосіфу Сталіну, які ўначы невядомыя абвязалі вяроўкамі і скінулі з берагу, узняўшы дзвінскае цунамі.

ЕЎФРАСІННЯ ПОЛАЦКАЯ (1110? - 1173) - першая святая зямлі Крыўскай і Беларускай. Заступніца не толькі за ўсю зямлю Беларускую, Крыўскую, Дрыгавіцкую, Радзіміцкую, Яцвяжскую, Падляшскую, Смаленскую, Бранскую, Бельскую, Беластоцкую, Ліцвінскую, Русінскую ды ўсялякія іншыя, але і за пісьменнікаў, як патлумачыла мне матушка з Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. У свае 12 гадоў - надзвычай прыгожая, разумная і добрая. Такое здараецца раз на тысячагоддзе. «Бог няроўна дзеле», - уздыхае народная прыказка. Адной адмерае болей хараства, затое ад розуму адшчыкне; іншая - абліччам някідкая, ды сэрца залатое... Але калі няма анічога з трох, гэта ўжо не дзяўчына, а пачвара. «Шчаснае ж тое дзяўчо», як піша пра Еўфрасінню біёграф, было надзелена ў поўнай ступені ўсім - розумам, дабрынёй, хараством. Яна адчула неацэннасць гэтага дару і знайшла спосаб, каб не змарнаваць яго, а надзяліць ім усіх беларусаў - тых, што былі, ёсць і будуць.

ЖАБЕР-ТРАВА - згаданая ў аповесці Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...» цудадзейная расліна, з дапамогай якой чалавек выпраўляецца ў трансцэндэнтальнае падарожжа - скажам, у будучыню. Магчыма, лісце жабер-травы змяшчае моцны галюцынаген. Маем паралель з раманнай серыяй Карласа Кастанеды, у якім персанажы здзяйснялі містычныя вандроўкі пры дапамозе галюцынагенавых грыбоў або кактусаў. Цікава, што цыган Базыль так і не скончыў свайго аповеду пра пана Адольфа, якога лісце Ж.-Т. прывяло ў нейкі паралельны свет, адкуль не знайшлося зваротнага шляху. Так незваротна сышоў і кастанедаўскі Дон Хуан, а за ім следам, зусім нядаўна, - і сам Карлас Кастанеда.

ЖАМЯРА (ЖАМЯРЫЦА, у Ластоўскага - ГМЫЗУРА) - дробныя, агідныя, нячыстыя жывёліны. Няварта атаясамліваць слова толькі з насякомымі. У гісторыі пра ката Варгіна, складзенай Я. Баршчэўскім, Ж. называюцца восы, матылі, жабы, мышы, нават крылатыя гадзюкі і невялікія цмокі.

ЗАВАЛЬНЯ - так зваўся гэты спагадлівы пан, які выстаўляў у зімовую ноч, калі завіруха і кудаса, свечку на падваконне ў сваёй хаце. Выспа пасярод Нешчарды, дзе месціўся дамок пана З., ёсць і дасюль, а самога дамка няма. Гадоў дваццаць пяць таму, калі я ўпершыню наведаў берагі Нешчарды, тутэйшыя жыхары ані не ведалі ні пра З., ні пра Яна Баршчэўскага. Але ўжо ў 1990-я яны прызвычаіліся да набегаў філолагаў, этнографаў, гісторыкаў і сустракаюць іх пытаннем: «То мо зноў ад Баршчэўскага будзеце распытваць?» Новае, забранзавелае быццё Баршчэўскага, што пачалося пасля ўзвядзення яму помніка, дало пачатак і новай міфатворчасці. Якая-небудзь дзевяностагадовая бабулька, цягнучы вас за крысо пінжака, будзе пытацца: «А ці ведаеце, чаму таго дзядзьку клікалі Завальнем? Таму, што ён адно ляжаў на печы, анічога не рабіў, толькі казкі слухаў. То пра яго і казалі: ляжыць як завала». У гэтай міфалагеме - усе адносіны нашага народу да дзеячаў тыпу Абломава. Вядома, літаратурны З. - не абібок і не марны летуценнік, а гаспадар з жывым практычным розумам, разважлівы, пабожны, жывы, так бы мовіць, рэзанёр, але са сваім «прыбабахам» - наконт жахлівых гісторыяў. Ды хто іх не любіць? Ліса ў вядомай беларускай казцы прымушала дразда спачатку яе накарміць, напаіць, насмяшыць, а потым - напалохаць. Ян Баршчэўскі выдатна адчуў гэтае патаемнае жаданне кожнай істоты і здаволіў яго. У той час, калі шляхціц З. слухаў байкі сялян ды рыбакоў, у Расеі дваранства млела ад гатычных раманаў Радкліф. Толькі чыталі іх па-французску ў перакладзе з ангельскай. Шляхціц З. быў прыхільнікам нацыянальнае аўтэнтыкі.

КАЛЯНДАР - адзіная кніга, пасля Бібліі, якую прызнае і чытае шляхціц Завальня. У Бібліі ён, як і крывіч Скарына, знаходзіць амаль усё, што патрэбна для душы і для розуму. Усю астатнюю мудрасць - гаспадарчыя парады, назіранні за прыродай і колькі займальных гісторый - змяшчае ў сабе К. Гэта - той мінімум тэксту, што патрэбен чалавеку аўтэнтычнаму, які жыве ў згодзе з Богам, прыродай і людскімі законамі. Прыгадаем, што К. быў у ліку першых і, значыцца, самых памятных кніг Янкі Купалы. К. падкрэслівае розніцу паміж кніжнай схаластыкай і жывой ведай - антытэзу, на якой палягае мастацкая канцэпцыя «Шляхціца Завальні…». Архетып К. адпавядае цыклічнай формуле жыцця; коладзён - улюбёная кампазіцыйная схема беларускага эпасу, ад «Пана Тадэвуша» да «Адвечнай песні», «Новай зямлі», «Палескай хронікі». Дарэчы, К. дапамагае ідэнтыфікаваць рэальны час твору: справа дзеецца ў 1817 годзе. У гэты год шляхціцу Завальню пераказалі шэптам нейкую нядобрую навіну, пачутую ад пана пракуратара, і яна значна сапсавала яму настрой. Што тое была за навіна - пра гэта варта запытацца ў гісторыкаў.

«КНІГА ТЫСЯЧА І АДНАЕ НОЧЫ» - з ёю найчасцей параўноўваюць твор Яна Баршчэўскага. Але мы ведаем стаўленне аўтара да літаратурнага пераймання (гл. арт. Гафманізм). Рэальна два эпасы - беларускі і арабскі - лучаць фальклорна-этнаграфічны аўтэнтызм, прысутнасць слухача і апавядальніка і скрынкавая кампазіцыя.

КРЫВІЧЫ (ЛЮД БЕЛАРУСКІ) - насельнікі Крыўі, якіх Ян Баршчэўскі найчасцей называе Людам, Людам Беларускім. Аўтар падкрэслівае адбітак, што накладае на народны характар тутэйшая прырода, суворы клімат. «У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая панурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба...» Аўтар адзначае меланхолію як дамінанту тутэйшага песеннага фальклору: «Нават вясельныя песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу...» Някідкі й антрапалагічны партрэт крывіча, што праглядаецца праз аблічча рыбака Родзькі: «Росту ён быў малога, твар бледны і сухі, жарыя вільготныя валасы неахайна падалі на плечы...» Адчуваецца той жа прыём - прыбядненне, з якім беларускія аўтары распавядаюць пра тутэйшае. Разам з тым, з прытоеным гонарам Баршчэўскі апісвае вясельны абрад выкупу нявесты, які параўноўвае з рыцарскім. Ягоныя просталюдзіны - хаця негаваркія ды сціплыя - без выключэння надзелены годнасцю і самавітасцю. Як мала гэта нагадвае постаць крывіча-выраджэнца, выведзеную В. Ластоўскім у навеле «Прывід»! Аднак жа прыбядняцца К. аніяк не варта, бо яны былі заснавальнікамі, як засведчыў археолаг Алег Трусаў, некалькіх магутных еўрапейскіх дзяржаваў: Полацкага княства, ВКЛ, Пскоўскага княства, Смаленскага княства, Цвярскога княства, БНР, БССР, Рэспублікі Беларусь.

КРЫЎСКАЯ ІДЭЯ - яна створана не дзеля раскідвання, а дзеля збірання беларускіх земляў. Яе нерва - унітарызм, а не рэгіяналізм. У падмурку яе - збіранне беларускіх земляў у імперыю або новую супольнасць, дзе Крыўя будзе як ядро ў арэху.

КРЫЎЯ (КРЫВІЯ) - назва, легітымізаваная В. Ластоўскім, заснавальнікам крыўскае канцэпцыі Беларусі. Вядома, трэба быць ураджэнцам Паўночнае Беларусі, каб прыйсці да крыўскае ідэі. Ластоўскі рэдагаваў часопіс «Крывіч», ствараў «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» і мроіў пра бязмерна старажытную крыўскую цывілізацыю, лёс якой увасобіў у «Лябірынтах». У Яна Баршчэўскага слова «К.» не прамаўляецца аніводнага разу. Але вымярэнні К. - яе глыбокая старасветчына, крыўскі менталітэт - адчуваюцца паўсюль. Нарэшце, геапрастора: Ян Баршчэўскі памяшчае апісаны ім край у трохкутнік паміж Полацкам, Себежам і Невелем, у басейнах Палаты, Дрысы і рачулкі з песеннай назваю Лаваць. «Неўраджайная і ўбогая краіна», - раз-пораз прамільгне ў апісанні К. Баршчэўскім, і гэта ўспрымаецца як традыцыйнае беларускае прыбядненне. «Невясёлая старонка / Наша Беларусь./ Людзі - Янка ды Сымонка, / Птушкі - дрозд ды гусь», - абзавецца ў тон яму Янка Купала. Наўмыснае прыбядненне спрадвек ратавала беларусаў ад назойлівай цікавасці чужынцаў. Прырода К., напраўду не надта шчодрая, усё ж абумовіла ментальнасць крывічоў. Трэба, аднак, памятаць, што ў аб'ёмным гісторыка-культурным кантэксце К. - не сінонім Беларусі і не яе рэгіён, а адна з яе іпастасяў, накшталт Літвы. «К.» - вядома, не ад «крывога», а ад крэўнага. Крэўнае - кроў - Крыўя. Гэта значыць, што К. (Радзіма) даецца праз пралітую за яе кроў.

ЛАБІРЫНТ - адвечны міф і праўда Полацку. Хто з нас не шукаў у дзяцінстве Полацкага Л.? Няможна нарадзіцца ў Полацку, хадзіць ягоным асфальтам, брукам і глінай, не адчуўшы пад нагамі таямніцы. Сублімаванае з падсвядомасці ў літаратуру, гэтае пачуццё спараджае лабірынтавую свядомасць, мысленне лабірынтамі. У перакладзе з мовы старажытнага Крыту «Л.» азначае «сякера, вострая з абодвух бакоў», яна - герб выспы яшчэ ад мікенскае эпохі. Крыт - гістарычная радзіма Л., а герб вострава - сімвал смерці, якая тоіцца ў сутарэннях. В. Ластоўскі, стварыўшы аповесць «Лябірынты», пасяліў у іх, а таксама ў сваім жыцці смерць. У сутарэннях гіне ад рытуальнага ўдару Падземны чалавек. Смерць, што пасялілася ў Л., абрынулася і на аўтара: Ластоўскага расстрэльваюць 23 студзеня 1938 году ў Саратаве. Ластоўскі, як і ягоны Падземны чалавек, не памірае: ён саступае месца іншым у гэтым вымярэнні, а сам сыходзіць у немаведама якія лабірынты быцця. Такім чынам, лабірынтавая форма існавання нашае культуры, з выхадамі на паверхню і блуканнямі ў нетрах, небяспечная.

ЛАСТОЎСКІ Вацлаў (1883 - 1938) - крыўскі пісьменнік, культуролаг, лінгвіст. Заснавальнік крыўскай ідэі, балазе суворы паўночны край, апісаны Баршчэўскім, быў і ягонай радзімай. Аўтар «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі», «Расійска-крыўскага (беларускага) слоўніка», аповесці «Лябірынты», шэрагу мастацкіх і публіцыстычных твораў, у якіх крыўская тэорыя набывае рысы завершанасці і вычарпальнасці. Пераемнасць у дачыненні да спадчыны Баршчэўскага выглядае як творчае сумоўе, дыялог, які адбываецца па-за часавымі межамі. Абодва аўтары апісваюць Крыўю, Полацак, тутэйшыя таямніцы і рарытэты, паглыбляюцца ў міфатворчасць. Пра гэта сведчыць пераказанае абодвума паданне пра Гаўраў і Стаўраў. У лексіконе Л. і перакладным тэксце «Шляхціца Завальні…» ўжываюцца крыўскія словы кшталту жамяра, навец ды інш.

МОРА - у Беларусі яно некалі было, пра што сведчаць выкапні Палескае катлавіны, але потым... «акупанты змяшалі яго з гразёй, дык засталося толькі Пінскае балота» (Я. Купала, «Тутэйшыя»). Крывічы калісь мелі фарпосты на Варажскім моры. Не маючы выйсця да М., беларусы пакутуюць адвечнай нэндзай па ім, ад чаго й нараджаюцца мроі пра ўласнае М. Яны прысвячаюць яму вершы, у якіх навальнічнае М. выглядае як разгайданае палескае балота (гл. «Мора» Цёткі). Ян Баршчэўскі ў Пецярбургу, меланхалічна сузіраючы Фінскую затоку, узгадвае пра Нешчарду, якая ўяўлялася яму сапраўдным М.: «Дзень быў нейкі хмарны. Хвалі біліся аб бераг...»

МУДРОЎ Вінцэсь - крыўскі празаік. Адзін з пачынальнікаў крыўскай іранічнай прозы, якую прадстаўляюць таксама Ўладзімір Арлоў, Пятро Васючэнка. Традыцыя іраністыкі не звязана з лініяй смехавой культуры, бо гумар М. і Арлова - з іншае плоскасці, чымся смех Мрыя або Крапівы. Смех - эмацыйны стан, іронія - разумовы. Смех запаўняе ўсе атожылкі мастацкага свету, перайначвае, дэфармуе, перакульвае. Іронія - спосаб пошуку адэкватнасці. М. не прыдумляе гумарыстычныя тыпы, а насяляе прастору сваіх навелаў «полацкімі мальцамі» - Адамам Марштрупам, Жэрарам, Галабурдам ды іншымі. Ён не рэстраўруе эпохі Брэжнева ды рэальнага сацыялізму, а спрабуе разблытаць карункі іранічнага жыцця.

НАВЕЦ - нябожчык. «Наўцом называюць сьвежа памершага нябошчыка, а такжа нябошчыка які ходзіць па сьмерці і высысае ў жывых кроў (рас. вурдалак, польск. upior). Навец процістаўляецца мярсьню, памершаму, які рассыпаўся і нямае ўжо цела, а паказуецца толькі як дух...» (В. Ластоўскі, «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік»). Слова сустракаецца ў беларускім перакладзе «Шляхціца Завальні…», прыкладам у раздзеле «Стогадовы стары і чорны госць», што сведчыць пра пераемнасць творчасці Баршчэўскага і Ластоўскага. У 1067 годзе наўцы ўзнялі паўстанне ў Полацку, мабыць, помсцячы Ўсяславу за здраду старой веры: «У Полацку зусім благое прычынілася. Уначы на гарадскіх вуліцах чуліся як быццам енкі людскія, тупат ды конскае гігатанне. Гэта гойсала па горадзе д'яблава сіла. Хоць ніхто з палачанаў на ўласныя вочы не бачыў, што там чыніцца, але хто выйдзе з хароміны ці проста вакно прачыніць, той жутка паміраў ад нябачнае раны, якую яму сваім уколам д'ябал зрабіў. Калі ж пакінулі палачане ўначы выходзіць з харомінаў, д'яблава сіла пачала ўдзень лютаваць. Сярод стогну, плачу і тупату каналі людзі ў Полацку і ў воласці. Нібыта цэлае войска д'яблава скакала па зямлі на конях сваіх, нябачнае вачам людскім, пакідаючы за сабою толькі сляды капытоў. Тады і пачалі казаць у народзе: «Як мерцвякі б'юць палачанаў». (З аповеду «Аб страхах і марах д'яблавых у Полацку за князем Усяславам».)

НЕШЧАРДА - адно з самых вялікіх азёраў у Беларусі, дзесьці як Нарач, Дрысвяты, Асвея, Снуды. І адно з самых халодных, няветлых, адкуль мо й паходжанне назвы - ад «няшчодра». Калі ў непагадзь яно пахмурнее, збіраецца ў маршчакі, дык выглядае рыхтык мора. Але яно спагадлівае і пяшчотнае да шчырых і чыстых людзей, такіх, як шляхціц Завальня - па сутнасці, гаспадар возера. Мне давялося некалькі разоў быць на яго берагах, бачыць апісаныя Баршчэўскім прыбярэжныя пясчаныя горы, лазняк, паплавы, белых крачак над хвалямі. У рачулцы, што выцякае з Н., я ўлавіў двух печкуроў. Але не паказаліся мне цмокі, апісаныя Баршчэўскім, не выставіў над вадой свае рогі шатан. Але я памятаю і іншую Н. - у раз'ятраны, гарачы жнівень 1994 году, калі возера нагрэлася, як саган з юшкай, і праз усю рабінавую ноч у ім нешта булькацела, пялёскалася, уздыхала ды цмокала. А ўранні на хвалях пакалыхвалася пустая змяіная скура - ці то рэшткі ад здохлага цмока, ці то скінутая вопратка маладой вужачкі... Пра містычныя падрабязнасці начной юшкі на возеры Н. глядзі ў артыкуле «Брацтва з'едзенага цмока».

ПАЛАЧАНЕ - адгалінаванне крывічоў. Іх часам блытаюць з полаўцамі. Прыкметы нацыянальнай ментальнасці П.: стрыманасць, інтравертнасць, нечаканая змена рашэнняў, унутраная трансцэндэнцыя. Алагічныя рашэнні П. занатаваныя ў летапісах і хроніках. П. яшчэ ад часоў полацкага веча любілі скідваць уласных князёў і запрашаць чужынцаў, каб потым выкінуць другіх і паклікаць першых. Полацкае веча як зборны персанаж летапісаў размаўляе і выносіць рашэнні, як жывы чалавек. Можна ўявіць, як гэты зборны палачанін чухае патыліцу і калупаецца ў носе, перш чым кагосьці ў чарговы раз здаць. Незразумела, чаму ў 1168 годзе П. прылашчылі чужынцаў - наўгародцаў ды смаленцаў, а пазней адмовіліся прыняць Скіргайлу, Ягайлавага брата, пасля чаго закіпела барацьба ў ВКЛ. Ёсць звесткі пра праніклівага палачаніна Пракопа, які раскрыў таемныя планы Таўцівіла (Беларускія летапісы і хронікі. Мінск. 1997. С. 42).

ПАЛЁНКА - адмысловы трунак з паленай гарэлкі, журавінаў і мёду; крыўскі пунш. Патрэбны, каб грэць душу й цела падмерзлага крывіча. Жыхары Паўночнае Беларусі маюць патрэбу ў сугрэве, гэтаксама як і скандынавы. На гэтую акалічнасць фрывольна намякнуў крывіч з Вушаччыны Рыгор Барадулін у «Здубавецьці», разважаючы над скаромнымі крывіцкімі прыпеўкамі: «Насельнікі халаднаватай часьціны плянэты грэлі свой юр, ятрылі сябе словам моцным, як пяршак. Каб род ня зьвёўся». П. - культавы аб'ект мясцовага патрыятызму. Вось што кажа пан Сівоха, персанаж кнігі Яна Баршчэўскага: «Як неразумна... прывозіць з Рыгі аракі і замежнае віно, у якое, як я чуў, дзеля смаку немцы дадаюць не вельмі добрыя для здароўя прыправы, і яшчэ дорага за яго плаціць. Лепей выкарыстаць грошы на што іншае. У нас ёсць свае, выдатныя на смак і не шкодныя для здароўя, напоі. Напрыклад, гэтая палёнка! Хвораму чалавеку можна выпіць шкляначку - не пашкодзіць, а дапаможа; ад ліхаманкі, ад прастуды - адзіныя лекі!»

ПАЛТЭРГЕЙСТ - анамальная з'ява, імпартовае вызначэнне якой вынайшлася ў нашым стагоддзі. Ян Баршчэўскі не ведаў такога кручанага слова, але з'яву апісаў з выключнай дакладнасцю: «Ля печы стаялі гаршкі. Адзін з іх падлятае ўгору, падае на падлогу і рассыпаецца на дробныя чарапкі. Збан з квасам, які стаяў на лаве, ускоквае на стол, а са стала кідаецца на зямлю і разлятаецца на друзачкі. Кот перапалохаўся, заіскрыліся вочы, і ён, пырхаючы, схаваўся пад лаваю. Рознае хатняе начынне пачало лятаць з куту ў кут».

ПЛАЧКА - увасабленне слыннай жаночай пасіянарнасці, гэтак пашыранай на беларускай ды крыўскай землях. М. Хаўстовіч дасціпна выводзіць генеалогію вобразу ад «Трэнасу» Мялеція Сматрыцкага. Плач жанчыны мусіць суцешыцца мужчынскай суворай сілай. Найбольш радыкальныя нашыя пасіянеркі, кшталту Эміліі Плятэр, не чакалі, пакуль выспеюць гронкі гневу, самі сядалі ў сядло і бралі зброю. У творы Яна Баршчэўскага суцяшальнікам П. выступае Сын Буры. Агну Вецер суцяшае яе сын Васіль, «Марыську чарнаброву» - Кастусь Каліноўскі.

ПОЛАЦАК - першая сталіца Беларускае дзяржавы, адвечны цэнтр Крыўі. Паводле В.Ластоўскага - цэнтр найстаражытнейшай цывілізацыі, сувымяральнай паводле ўзросту з егіпецкай або шумерскай. Ян Баршчэўскі не заглядаў гэтак далёка ў гістарычную мінуўшчыну, але ягоная міфалагічная даўніна сягае яшчэ глыбей. Згадваюцца незвычайныя людзі-асілкі, што жылі даўней, у касмічна аддаленым часе. У вачах шляхціца Завальні П. - цэнтр асветы, асяродак кніжнае навукі; ён жа - і крыніца заразы, ад якой пашыраецца чарнакніжніцтва. Пан Твардоўскі, дарэчы, таксама атабарыўся ў П. Таму Завальня з павагай і адначасна з насцярогаю ставіцца да вялікага ў ягоных вачах места і засцерагае пляменніка і сыноў ад гарадскіх спакусаў.

РАГНЕДА - самая гаротная жанчына Беларусі, сталася шчаслівай пасля свае смерці: ёй пашэнціла быць гераіняй літаратурных твораў. Асабліва ў драматургіі - у шэрагу п'ес беларускае «Рагнедзіяны» («Русь Кіеўская» Алеся Петрашкевіча, «Звон - не малітва» Івана Чыгрынава, «Палачанка» Аляксея Дударава). Гэта - свайго кшталту кампенсацыя за гаротную долю.

СВЕЧКА - сталы літаратурны артэфакт, адзін з сімвалаў светлай веды, у якой мажлівая гармонія паміж верай, розумам і магіяй. Шляхціц Завальня запальвае С. і ставіць яе на падваконне свайго дамка, каб уратаваць падарожных ад сцюжы і голаду, а заадно і паслухаць іхнія займальныя гісторыі. Архетып С. быў актыўна ўжываны пазнейшымі беларускімі літаратарамі, асабліва М. Багдановічам, Ядвігіным Ш., В. Ластоўскім.

СІМЯОН ПОЛАЦКІ (1629 - 1680) - першы вершаскладальнік-прафесіянал, і не толькі зямлі крыўскай. Ад нараджэння меў імя Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч. Як дзеяч барока злучаў у сабе мноства бінарных апазіцыяў. Маючы еўрапейскую адукацыю, быў адэптам праваслаўя маскоўскага ўзору. Манах і аскет, пісаў гуллівыя, дасціпныя і вынаходлівыя вершы. Упарты дыдактык, імкнуўся спалучыць прыемнае з карысным і сваім паэтычным зборнікам надаваў гастранамічныя назвы: «Абед душэўны», «Вячэра душэўная». У плане душэўнасці назіраем нечаканае падабенства з паэзіяй Петруся Броўкі. Прышчапіў расейскаму пісьменству першы літаратурны стыль - барока. Першы беларускі культуртрэгер у Масковіі. Першы постмадэрніст. Пісаў графічныя вершы - у выглядзе крыжа, сонца, кола, сэрца, каляднай зоркі. Пісаў рэха-вершы, паліндромы, вершы-загадкі, вершаваныя трактаты, мініяцюры-двухрадкоўі і паэтычныя «Метры» памерам у кіламетры. Сярод ягоных сучасных паслядоўнікаў - «бумбамлітаўцы» Сяржук Мінскевіч, Віктар Жыбуль, а з больш сталых - магістр версіфікацыі Рыгор Барадулін. Яны наследавалі не толькі эксперыменталізм, але і кансерватызм С. П. Актыўны кнігадрукар, С. П. свае вершы пісаў ад рукі, і ягоныя паліхромныя тэксты захавалі цеплыню паэтавага почырку. «Бумбамлітаўцы» з ягонае лёгкае рукі вынайшлі жанр друкапісу. Навучаў маскоўскага цара, Аляксея Міхайлавіча, цывілізаванасці ды талерантнасці, хай сабе і марна. Да выхавання Пятра Аляксеевіча спрычыніўся толькі ўскосна, бо быў настаўнікам ягонага брата, убогага розумам і целам царэвіча Івана. З Івана цара не атрымалася, ды ўсё адно С. П. - яшчэ і першы педагог-дэфектолаг.

СКАРЫНА Францішак (1490? - 1551?) - вялікі крыўскі вучоны, асветнік, пісьменнік, першадрукар. Волат еўрапейскага Адраджэння. Паліглот: ведаў прынамсі адзінаццаць жывых і мёртвых моваў (царкоўнаславянскую, лаціну, старажытнагрэцкую, іўрыт, маскоўскую, польскую, дацкую, італьянскую, чэшскую, нямецкую, родную старабеларускую). Верыў у веды, за якую б свецкую або царкоўную навуку ні браўся. Марыў паяднаць веру з ведай і тым пакласці канец адвечнай спрэчцы паміж навукай і рэлігіяй, і дамогся б мэты, калі б не ворагі. Захаваў вернасць крыўскай ідэі, Полацку, заставаўся полацкім мальцам, якую б кнігу Бібліі ні перакладаў. У прадмове да «Кнігі Юдзіф-удавіцы» выснаваў ідэю беларускага (крыўскага) Дому, які жыхары пільнуюць так, як рыбы - свае віры, пчолы - свае вуллі, звяры - свае норы, а птушкі - свае гнёзды.

СКРЫНКАВАЯ КАМПАЗІЦЫЯ - ланцуг апавяданняў, пры якім адбываецца змена апавядальнікаў: новы казачнік памяшчаецца ўнутр папярэдняй гісторыі. Апавяданні ўкладваюцца адно ў адно, нібы расейскія матрункі. Прыём актыўна скарыстоўваўся ў «Кнізе тысяча і аднае начы» і ў «Шляхціцы Завальні...».

СЛОЎНІК - у кантэксце постмадэрновага мастацтва не толькі збор словаў, але і літаратурны жанр, вынаходніцтва якога прыпісваецца сербскаму літаратару Мілараду Павічу. У Крыўі гэты жанр значна раней заснаваў В. Ластоўскі, чый «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» (Коўна, 1924) стаўся ўзорам літаратурна-лінгвістычнай эўрыстыкі. «Кішэнны крыўскі слоўнік Пятра Васючэнкі» мае тэндэнцыю ператварацца з мікратэксту ў гіпертэкст, бо пачынаўся як «Крыўскі слоўнік Яна Баршчэўскага», а скончыцца невядома чым, бо ён у руху, а імёны і артэфакты, што маюць увайсці ў яго, множацца, бы дразафілы. Вычарпанасць праекту можа абумовіцца яго паўторамі, і тады тэкст ператворыцца ў суцэльны курсіў.

ТВАРДОЎСКІ - жыццялюбца і геданіст, беларускі Фаўст, які хаўрусаваўся з Мефістофелем не за «Імгненне, спыніся!», а дзеля зямных уцехаў. Затое ў хвіліну страшнай расплаты ён не шукаў жаночага заступніцтва, а ратаваўся, як мог, праз сваю кемлівасць і дасціпнасць. Герой балады Адама Міцкевіча, рамана Юзафа Крашэўскага. У кнізе Яна Баршчэўскага з'яўляецца ва ўстаўной навеле «Твардоўскі і вучань».

ЦМОКІ - жылі ў азёрах, рэках і багнах Беларусі. У. Караткевіч апісаў лепельскіх Ц. як найбольш крыважэрны і небяспечны для чалавека від. Лепельскія Ц. перакульвалі чаўны з «грамадзянамі Вялікага княства Літоўскага», як піша У. Арлоў, і жывіліся названымі. Ц. з возера Нешчарда адрозніваліся меншымі памерамі, не раз набіваліся ў рыбацкія невады і палохалі тутэйшых рыбакоў. Цмок, які вылупіўся з яйка, знесенага чорным пеўнем, верагодна, належыць да найстаражытнейшай пароды, ён нашчадак тых агнядышных пачвараў, перамогамі над якімі ганарыліся сярэднявечныя рыцары. Хведар Еўлашоўскі бачыў летаўца (гл. «Дыярыуш» Х. Еўлашоўскага), лятучую і агнядышную разнавіднасць цмока, які залятаў у акно да адной кабеціны. Летаўцы маюць здольнасць скідвацца людзьмі, пераважна каханкамі. Мадэль летаўца - паветраны змей. Пасля сустрэчы з летаўцом Еўлашоўскі моцна захварэў на нервовыя прыпадкі, ледзьве ачомаўся праз некалькі гадоў. Выгляд беларускіх Ц. можна ідэнтыфікаваць паводле абразоў, выпісаных веткаўскімі іканапісцамі, на сюжэт змагання св. Юр'я з пачварай. Агідныя і даволі мізэрныя істоты нагадваюць крылатых жабаў або вужакаў. Апошняга жывога цмока вылавілі, як кажуць, у Свіслачы на пачатку гэтага стагоддзя і нараклі «балотным яшчарам». Ёсць меркаванне, што ў пінскіх балотах або глухіх азёрах Крыўі Ц. працягваюць жыць да цяперашняга часу, як і ў знакамітым шатландскім возеры Лох-Нэс. У наш час стыхійна ўтварылася Брацтва з'едзенага цмока, калі на беразе Нешчарды ўначы балявала група літаратараў, удзельнікаў літаратурна-этнаграфічнай экспедыцыі, што даследавала сляды Яна Баршчэўскага, і ўпоцемках спажыла ў юшцы вадзянога Ц. Уладзімір Арлоў цвердзіць пра эзатэрычную прыроду Ц. І кажа, што частка майго артыкулу пра Полацкі Лабірынт, што датычылася Ц., нават на ксэраксе не хацела адбівацца.

ЧАРНАКНІЖНІК - гэтая злавесная постаць з'явіцца на першых старонках кнігі Яна Баршчэўскага, адступіць у цень, але будзе вяртацца ў аповедах пра Чорнага госця, ката Варгіна, валасы, што спяваюць на чалавечай галаве. Ч. - носьбіт метафізічнага ліха, згубіцель Крыўі, гэтаксама як асташы і Белая Сарока. Гэтае ліха, чарнакніжніцтва, - з'ява цывілізацыйная, а не міфалагічная. Ч. знаходзіцца ў свеце людзей, а не дэманаў, такіх, як шатан, цмокі або лесуны, хаця ён і карыстаецца паслугамі духаў. Чарнакніжніцтва - спараджэнне схаластыкі, алхіміі, скрайняга рацыяналізму. Баршчэўскі са скрухаю зазначае, што шляхта спазналася з Чарнакніжнікамі, а веру і звычаі люду беларускага трымае за цемрашальства і забабоны. Дарэчы, у гэтую ерась упаў і бацька нацыянальнага генія Адам Багдановіч, калі традыцыі і завядзёнкі беларусаў трымаў за шкодныя «пережитки». Самаўпэўненая шляхта са смехам выслухоўвае «байкі» пра жывыя валасы, пра ката Варгіна, а пасля мусіць расплачвацца за свой недавер. У выніку перамагаюць пракламаваныя Баршчэўскім аўтэнтызм, пракаветнасць, старасвецкасць, інакш кажучы - беларускі фундаменталізм.

Пачатак  Навіны  Форум  Пошук  Аўтары  Цалкам  Іншае

№ 3 (32) - 2004

да Зьместу

Праект ARCHE

да Пачатку СТАРОНКІ


Ліст у рэдакцыю,   Майстраваньне [mk], Абнаўленьне [czyk]
Copyright © 1998-2004 ARCHE "Пачатак" magazine
Апошняе абнаўленьне: 2004/11/5